ПАЛАВЫ́Я ГАРМО́НЫ,

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выпрацоўваюцца ў палавых залозах, наднырачнікавых залозах і плацэнце (у час цяжарнасці). Рэгулююць палавую дыферэнцыроўку, развіццё першасных і другасных палавых прыкмет, палавое размнажэнне, палавыя паводзіны. Уплываюць на абмен рэчываў. Па хім. прыродзе — стэроіды ці паліпептыды. Стэроідныя П.г. падзяляюць на мужчынскія (андрагены) і жан. (эстрагены і гестагены), якія ўтвараюцца ў асоб абодвух полаў у розных суадносінах. Поліпептыдныя П.г. прыгнечваюць прадукцыю фалікуластымулюючага гармону ў клетках гіпофіза. Біясінтэз П.г. рэгулюецца ганадатропнымі гармонамі гіпофіза. Прэпараты П.г. выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)